Дамачаўскі строй

Строй бытаваў у канцы XIX – пачатку XX стагоддзя на Заходнім Палессі, уздоўж ракі Буг, у мястэчку Дамачава, вёсках Чэрск, Рудня, Ліпнікі, у межах цяперашняга Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці

Святочны строй дзяўчыны

Паказаны святочны строй жанчыны ўключае палатняную сарочку з адкладным каўняром. Арнаментам упрыгожаны манжэты, ніз і верх рукава, краі каўняра. Аздабленне выканана ў тэхніках чатырохнітовага і бранага ткацтва, вышыўкі лічанай гладдзю, крыжыкам, коскай, краявым швом. На кашулю апранаўся гарсэт цёмнага колеру, пашыты з сукна на баваўнянай падшэўцы. Гарсэт аздоблены тасьмой і машыннай строчкай, зашпільваецца на металёвыя гузікі. Спераду рознакаляровы паласаты фартушок, пашыты з напаўваўнянай саматканкі, выкананай у тэхніцы чатырохнітовага ткацтва. Фартушок абшыты карункамі фабрычнага вырабу. Строй мае хвартух (спадніцу), пашытую з паласатай баваўнянай саматканкі, выкананай у тэхніцы чатырохнітовага ткацтва. Галаўным уборам выступае чы́лка, якая ёсць абручом з кардону, абшытым ваўнянай тканінай і тасьмой. Шыя ўпрыгожана пацеркамі. На нагах чорныя скураныя чаравікі, невысокія халяўкі шнуруюцца спераду.

Святочны строй хлопца

Святочны строй хлопца мае белую баваўняную сарочку з каўняром-стойкай. Манішка, каўнер і манжэты рукавоў упрыгожаны арнаментам, ужыты вышыўка лічанай гладдзю і шво «роспіс». Адзенне падперазалі сеткаватым поясам, сплеценым з ваўняных нітак, на канцах упрыгожаным махрамі з кіціцамі. Ніжэй за пояс шэрыя штаны, пашытыя з напаўільняной саматканкі. На галаве плецены з саломы капялюш з чорнай стужкай. На нагах чорныя скураныя боты з халявамі да калена.

Матэрыял створаны сумесна з Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Tradycyja