Ганцавіцкі строй

Строй бытаваў у канцы XIX – пачатку XX стагоддзя
на памежжы Цэнтральнай Беларусі і Усходняга Палесся,
у межах цяперашняга Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.

Гэта строй з архаічнымі дэталямі крою і багатым аздабленнем, у ім пераважаюць элементы, характэрныя для Усходняга Палесся. Ва ўсходняй частцы Ганцавіцкага раёна, вёсках Будча, Чудзін і Дзяніскавічы ёсць яднанне рыс Цэнтральнай Беларусі і Палесся. Адметнасцямі строю ёсць цалкам ільняныя кашулі, яскравыя ваўняныя андаракі і вытканыя на ніту асаблівыя паясы. У багата аздобленым строі вышываліся палікі, увесь рукаў, каўняры, абшэўкі, амаль увесь фартух, манішкі мужчынскіх кашуль, падол. Строй мае адметныя галаўныя ўборы замужніх жанчын, якія ствараліся з чапца (кукі), наміткі, вышываных хустак і шаліновак. Яскравым пазнавальным элементам Ганцавіцкага строю ёсць торба, якая бытавала па ўсім раёне і ў цяперашні час выкарыстоўваецца
ў вёсках Боркі, Люсіна, Хатынічы, Раздзялавічы.

Святочны строй замужняй жанчыны з вёскі Будча

(бытаваў таксама ў вёсках Чудзін, Дзяніскавічы, Лактышы, Мельнікі,
уздоўж ракі Лань — рэгіён Паланне)

Святочны строй замужняй жанчыны з вёскі Будча ўключае ільняную кашулю з кужэльнага палатна. Крой кашулі характэрны толькі для рэгіёна Пала́нне (уздоўж ракі Лань), акрамя Будчы бытаваў у вёсках Чудзін, Дзяніскавічы, Лактышы і Мельнікі. Асаблівасцю крою ёсць шматлікія зборкі і складкі на злучальных швах элементаў. Вялікі каўнер кашулі расшыты ў сярэдзіне і звонку геаметрычнымі арнаментамі, бакі каўняра злучаюцца чырвонай стужкай. Шырокія рукавы кашулі расшыты тэхнікай процягу ад пляча да локця густым мясцовым арнаментам «з пташка́мі». Манжэты зроблены «зборачкаю» або «карункамі» з геаметрычным арнаментам «шчотка» ці «кра́ткі», таксама «пташкі». На манжэтах ёсць гузік з нітак. На кашулю апрануты каба́т прыталенага крою з вёскі Дзяніскавічы, пашыты звону з фарбаванай ільняной тканіны цёмнага колеру, а знутры з нефарбаванага палатна. Кабат з чырвонымі завязкамі матузамі, знізу аздоблены «хфа́ндачкамі» з каронкамі. Спераду «хфартух» (фартух) з двух полак, злучаных паміж сабой швом, расшыты густым геаметрычным арнаментам у тэхніцы процягу. Строй уключае гафрыраваную спадніцу з крамнай тканіны цёмнага колеру, са складкамі, расшытую ў 6 шчыльных радоў шаўковымі каніка́мі (стужкамі) у колер кабата. Строй падперазалі тканым на ніту арнаментаваным поясам з махрамі на канцах. На галаве складаны галаўны ўбор, які ўтвораны з шапкі-кукі, паверх якой намітка і шаліноўка. Пад шапку-куку збіраліся валасы, яна завязвалася пад бараду, перад шапкі расшыты каляровымі шаўковымі каснічкамі з фольгай ад цукерак. Колер каснічак стараліся падабраць пад каснікі на кабаце. На шапку-куку навязана намітка з тонкага кужэльнага палатна з канцавой мярэжкай і тканым геаметрычным арнаментам, яна ўпрыгожана чырвонымі махрамі, якія заходзяць на адзін бок наміткі. Звонку галаўны ўбор завяршае хустка «шаліноўка», завязаная пад бараду з узлом за шыяй, так завязваліся хусткі для дзяўчыны або маладзіцы. На нагах чорныя скураныя чаравікі на шнуроўцы, падабраныя паводле даўжыні спадніцы.

Строй незамужняй дзяўчыны з вёскі Боркі

(бытаваў у вёсках Хатынічы, Раздзялавічы, Люсіна, Малькавічы)

Строй незамужняй дзяўчыны з вёскі Боркі ўключае капта́н з крамнай паркалёвай тканіны, каўнер якога расшыты крыжыкам і аброблены «гару́нкамі» (карункамі), шырокі ніз з зарубленым краем і багатым вышыўкай. На грудзях каптана з двух бакоў уздоўж тулава прышыты палікі з арнаментам «ружа», які характэрны для поўдня раёна. Таксама ў раёне грудзей каптан упрыгожаны з двух бакоў зборачкамі ў некалькі радоў. Знізу каптана абшэўкі каля шву сабраны ў зборку і расшыты крыжыкам, канцы аздоблены карункамі. Спераду фартух з суцэльнага адрэзка крамнага паркалю, упрыгожаны папярочнай вышыўкай крыжыкам, вышыўка чаргуецца са складачкамі. Фартух аздоблены карункамі з трох бакоў. Ніжэй за пояс элемент сподняга адзення «га́лька», які ёсць спадніцай з белай тканіны і аздабленнем доўгімі карункамі па нізе. Паводле даўжыні галька карацейшая за спадніцу, выконвала функцыю ўпрыгожвання пры танцах («Трыба танчыць так, каб гальку было відно»). Паверх галькі спадніца з галёнамі, пашытая з крамнай тканіны і расшытая забалаццю ў тры строчкі кветкамі (галёнамі). На галаве хустка з арнаментам, вышытым крыжыкам, з двух бакоў клін аздоблены махрамі. Каптан і фартух паказанага строю паходзяць з вёскі Боркі, спадніца і галька з Хатынічаў, хустка з Раздзялавічаў.

Строй замужняй жанчыны з вёскі Раздзялавічы

(бытаваў у вёсках Хатынічы, Раздзялавічы, Люсіна, Малькавічы)

Строй замужняй жанчыны з вёскі Раздзялавічы ўключае «соро́чку» (кашулю) з тканага ільнянога палатна, крой якой мае мясцовыя аўтэнтычныя рысы. Даўжыня кашулі да калена. Каўнер і абшэўкі ўпрыгожаны арнаментам, вышытым крыжыкам. Адметным элементам кашулі ёсць расшытая арнаментам упоперак паласа на грудзях, што ўласціва кашулям Раздзялавічаў і часткі Пінскага Палесся. Спераду белы фартух, упрыгожаны ў ніжняй частцы геаметрычным арнаментам. Строй ўключае андарак з пяці полак даматканай ваўнянай тканіны, пафарбаванай прыроднымі фарбавальнікамі. Галаўны ўбор складаецца з чапца з тканкаю, наміткі і хусткі. На тканку завівалі валасы, паверх яе вязаны з ільняных нітак шыдэлкам чапец, канцы якога абвязваліся фарбаванымі ніткамі і зарубваліся шаўковай стужкай. На чапцы навіта намітка, канцы якой упрыгожаны тканым геаметрычным арнаментам з мярэжкай. У паказаным строі намітка навіта вясельным спосабам са шпількамі. Зверху галаўнога ўбору хустка з мясцовым арнаментам, вышытым крыжыкам. Хустка завязана на чапец пад бараду, што ёсць узорам завязвання замужніх жанчын. На нагах чорныя скураныя боцікі.

Строй маладзіцы з вёскі Люсіна

(бытаваў таксама у вёсцы Малькавічы)

Строй маладзіцы з вёскі Люсіна ўключае «соро́чку» (кашулю) аўтэнтычнага крою з ільнянога кужэльнага палатна. Каўнер і затулка кашулі расшыты крыжыкам, арнаментам «ружкі», каўнер вышыты на два бакі, каб можна было расшпіліць і вывернуць на іншы бок, зашпільваецца гузікам. Рукавы кашулі пашыты процягам ад палікоў на плячах да абшэва арнаментам геаметрычнага тыпу «палосы». Спераду двухполкавы белы «хфартух» (фартух) са злучальным швом з карункамі, упрыгожаны геаметрычным арнаментам. Строй мае андарак з чатырох полак даматканай ваўнянай тканіны, чырвоных адценняў з палосамі ўздоўж. Асаблівасцю крою андарака ёсць густыя зашчапкі, якія робяць форму ззаду болей паднятай. Адзенне падперазалі вузкім арнаментаваным поясам з махрамі на канцах. На галаве чапец з тканкаю, паверх якіх намітка з шырокай паласой арнаменту на канцах, канцы наміткі аброблены мярэжкай. На нагах чорныя скураныя боцікі.

Строй замужняй жанчыны з вёскі Хатынічы

(таксама бытаваў у вёсцы Боркі)

Строй замужняй жанчыны з вёскі Хатынічы складаецца з «соро́чкі» (кашулі), пашытай з ільнянога кужэльнага палатна. Рукавы кашулі з палікамі, устаўленыя кліны пад рукамі робяць іх шырокімі і трымаюць форму. Кашуля ўпрыгожана мясцовым геаметрычным арнаментам. Спераду двухполкавы фартух, полкі злучаны паміж сабой швом. Фартух упрыгожаны вышытым густым геаметрычным арнаментам у тэхніцы процягу. Строй уключае чорную гафрыраваную спадніцу з галёнамі, пашытую з крамнай тканіны. Па ўсё шырыні спадніца расшытай ў некалькі радоў рознакаляровымі каснікамі (стужкамі) – галёнамі. На галаве чапец з тканкаю, паверх мясцовая хустка з арнаментам і махрамі з двух бакоў кліну. На паказаным строі адметная мясцовая торба з двух кавалкаў жорсткага ільнянога палатна, сшытага паміж сабой. На канцах торбы мацаваліся пяцелькі, праз якія працягваўся тканы пояс, торба ўпрыгожана стужкай арнаменту.

Строй дзяўчыны з паўднёвай часткі
Ганцавіцкага раёна

Строй дзяўчыны з паўднёвай часткі Ганцавіцкага раёна ўключае «соро́чку» (кашулю), пашытую з выбеленага «лугам» ільнянога палатна, тканага ў мясцовай тэхніцы «чатыры ніты». Кашуля аўтэнтычнага крою, з шырокім тулавам і рукамі. Манжэты і верх рукавоў упрыгожаны вытканым геаметрычным арнаментам, зверху кашуля зашпільваецца на два гузікі. Спераду «хфартух» (фартух), пашыты з цэльнага кавалка крамнага паркалю, расшытага крыжыкам упоперак палоскай арнаменту «ружа», таксама расшыты ўпоперак зборачкамі. Ніз фартуха аброблена «хфантачкамі». Строй мае андарак з чатырох полак даматканай ваўнянай тканіны, паводле тэхнікі выканання андарак адпавядае андараку строю маладзіцы з вёскі Люсіна. Адзенне падперазалі вузкім арнаментаваным поясам з махрамі на канцах. На галаве белая хустка з мясцовым арнаментам, вышытым крыжыкам. З двух бакоў клін хусткі аброблены махрамі. На паказаным строі хустка завязана паводле традыцыі для незамужніх дзяўчат. На нагах чорныя скураныя боцікі. Сарочка і хустка паходзяць з вёскі Боркі, фартух з вёскі Хатынічы, андарак з вёскі Люсіна.

Мужчынскі строй з вёскі Раздзялавічы

Мужчынскі строй з вёскі Раздзялавічы ўключае кашулю з ільнянога кужэльнага палатна, падоўжанага крою з каўнерам-стойкай і шырокімі рукавамі, якія навісаюць на абшэўкі. Каўнер і манішка кашулі ўпрыгожаны вышыўкай крыжыкам, падол расшыты кветкавым арнаментам. Знізу нагавіцы з жорсткага палатна, выкрайка якіх складаецца з двух кліноў і трапецыяпадобным крэслам. Адзенне падперазалі вытканым на ніту поясам з мясцовым арнаментам, з махрамі на канцах. Галаўным уборам выступае плецены брыль. На нагах скураныя боты з драўлянымі падэшвамі, прыбітымі цвікамі.

Мужчынскі строй з вёскі Хатынічы

Мужчынскі строй з вёскі Хатынічы мае кашулю з ільнянога кужэльнага палатна. Крой кашулі адпавядае крою мужчынскага строю з вёскі Раздзялавічы і бытаваў па ўсёй тэрыторыі раёна. Манішка ўпрыгожана вышытым арнаментам з назвай «цыганская пазуха». Знізу нагавіцы з кужэльнага палатна. Выкрайка нагавіц складаецца з двух кліноў і кліна, які ўшываўся на крэславіне і злучаў два іншых, даўжынёй ніжэй за калена на дзве пядзі. Адзене падперазалі вытканым на ніту поясам з мясцовым арнаментам і махрамі на канцах. На нагах скураныя боты з драўлянымі падэшвамі, прыбітымі цвікамі. Боты зроблены мясцовымі майстрамі.

Строй маленькага хлопчыка з вёскі Хатынічы

Строй маленькага хлопчыка з вёскі Хатынічы складаецца з кашулі, пашытай з жорсткага палатна. Крой кашулі падобны да гімнасцёркі, мае каўнер-стойку, вузкую манішку і дзве кішэні на грудзях. Каўнер і манішка кашулі аздоблены вышыўкай крыжыкам, арнамент мае назву «цыганская пазуха». Абшэўкі кашулі таксама вышыты «цыганскай пазухай». Знізу нагавіцы з жорсткага палатна, выкрайка якіх складаецца з двух кліноў. Адзенне падперазалі мясцовым арнаментаваным поясам з махрамі на канцах. На нагах «пастолы́» з анучамі (лапці), зробленыя з кары бярозы і сцягнутыя матузом мясцовай тэхнікай.

Мужчынскі строй з вёскі Будча

Мужчынскі строй з вёскі Будча складаецца з кашулі, пашытай з ільнянога кужэльнага палатна, падкарочанага крою з каўнерам-стойкай і разрэзам («затулай») на грудзях. Крой кашулі падобны да гімнасцёркі жаўнера войска польскага 1920-х гадоў. Каўнер і манішка кашулі ўпрыгожаны вышыўкай процягам, абшэўкі вышыты на манер каўняра, ужыты геаметрычны арнамент «з зорачкамі». Знізу чорныя «ганаві́цы» (нагавіцы), пашытыя з крамнай тканіны на ўзор галіфэ. Адзенне падперазана мясцовым арнаментаваным поясам з махрамі на канцах. На нагах чорныя скураныя боты, з драўлянымі падэшвамі прыбітымі цвікамі. Боты зроблены мясцовымі майстрамі.

Матэрыял створаны сумесна з Уладзімірам Кандраценям і ДзУК “Ганцавіцкі раённы дом рамёстваў”.

Tradycyja