Краснапольскі строй

Бытаваў у канцы XIX — першай палове XX стагоддзя на тэрыторыі сучасных Краснапольскага, Касцюковіцкага, Клімавіцкага і Хоцімскага раёнаў, часткова Крычаўскага і Мсціслаўскага раёнаў.

Святочны строй замужняй жанчыны

Паказаны святочны строй замужняй жанчыны ўключае «рубаху» (кашулю), упрыгожаную раслінным арнаментам на рукавах. Прамыя плечавыя ўстаўкі рубахі прашыты па ўтку тканіны. Каўнер-стойка ўпрыгожаны дэкаратыўным краявым швом, сцягваецца чырвонай стужкай, прапушчанай праз праразныя петлі. Манжэты рукавоў упрыгожаны вузкім бардзюрам геаметрычнага арнаменту. На рубаху апранаўся сая́н з прышытым да яго доўгім андаракам. Асаблівасць сілуэта саяна ў крыху завышанай таліі, утворанай кароткім ліфам-кабатам, пашытым шчыльна па стане. Станік саяна выраблены з фабрычнай тканіны, на падшыўцы, пакроены з шырокім прамавугольным выразам, глыбокай проймай і разрэзам пазухі з левага боку. Краі ўсіх выразаў аблямаваны яркай вузкай чырвонай палоскай тканіны. Андарак пашыты з чатырох полак напаўшарсцяной тканіны. Спераду фартух, пашыты з 2,5 полак тонкай ільняной саматканкі, упрыгожаны вышыўкай крыжам і самаробнымі карункамі па ніжнім краі, да карунак прышыта густая стужка доўгіх белых махроў. Верхнія краі полак фартуха сабраны ў дробныя складкі. Адзенне падперазалі тканым на дошачках поясам з геаметрычным арнаментам, канцы якога ўпрыгожаны пампонамі. Пояс выраблены з льняных і паліхромных ваяўняных нітак. На галаве насілі аўтэнтычную хустку з баваўнянай тканіны, вядомую як «баранаўская хустка». Шыя ўпрыгожана дзвюма нізкамі пацерак з каляровага шкла круглай формы і пластмасы.

Матэрыял створаны пры ўдзеле УК «Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е.Р. Раманава»

Tradycyja