Магілёўскі строй

Строй бытаваў ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзя на Падняпроўі, у межах цяперашніх Магілёўскага, Шклоўскага, Бялыніцкага, Круглянскага, Слаўгарадскага, Быхаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці.

Святочны строй маладой незамужняй дзяўчыны

Паказаны святочны строй маладой незамужняй дзяўчыны ўключае палатняную «рубаху» (кашулю) з трох полак, верх рукавоў якой упрыгожаны геаметрычным арнаментам. Полкай рукава ўтворана фальбона, якая на пэўнай адлегласці ад ніжняга краю сабрана на нітку ў дробныя складкі і замацавана нашыўной планкай з вышыўкай процягам. Рубаха мае каўнер-стойку. Каўнер рубахі і манжэты рукавоў зашпіляюцца самаробнымі ніцянымі гузікамі. Спераду фартух з двух полак ільняной даматканкі, які знізу ўпрыгожаны шырокай паласой вышыўкі раслінна-геаметрызаванага ўзору ў тэхніцы «крыж» баваўнянымі ніткамі чорнага і чырвонага колераў. Таксама ніз фартуха ўпрыгожваюць самаробныя зубчатыя карункі. Строй мае спадніцу з чатырох полак клятчастай ільняной саматканкі бела-сіняга колеру, якая выткана ў два ніты палатняным перапляценнем. Знізу спадніцы ўздоўж прышыта шырокая паласа кумачу́. З сподняга боку спадніца падшыта стужкай хатняга палатна, які мае назву «падпадолак». Адзенне падперазалі ваўняным поясам з геаметрычным арнаментам, які выраблены з паліхромных нітак. Канцы пояса ўпрыгожваюць кутасы. На галаве насілі скі́ндачку з тонкага льнянога палатна, канцы якой ўпрыгожаны тонкімі пракідкамі па ўтку. Каса ўпрыгожана чырвонай стужкай. На шыі пацеркі з шкла і карала. На нагах сінія скураныя боцікі-шнуровачкі.

Матэрыял створаны пры ўдзеле УК «Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е.Р. Раманава»

Tradycyja