Навагрудскі строй

Строй бытаваў ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзя на Панямонні, у межах цяперашніх Навагрудскага, Карэліцкага, Слонімскага і Лідскага раёнаў Гродзенскай вобласці. Строй выкананы ў стрыманых колерах, вышыўкай упрыгожвалася толькі кашуля

Святочны строй замужняй жанчыны

Паказаны святочны строй замужняй жанчыны ўключае палатняную кашулю з паліка́мі, з каўняром-стойкай і разрэзам пазухі. На манжэтах рукавоў кашуля ўпрыгожана вышыўкай расліннага арнаменту ў тэхніцы крыжа. На кашулю апранаўся гарсэт з паўшарсцянога палатна цёмнага колеру, вырабленага ў тэхніцы чатырохнітовага аднаўточнага перапляцення. Гарсэт мае прыталены крой з баскай, упрыгожаны нашыўкай пазументу, зашпільваецца на гаплікі. Спераду белы фартух, пашыты з адной полкі палатна і ўпрыгожаны аздабленнем у тэхніцы мярэжкі. Таксама фартух упрыгожаны самаробнымі баваўнянымі карункамі, якія прышыты па падоле. Строй мае андарак з паўшарсцянога палатна ў палоскі, вырабленага ў тэхніцы чатырохнітовага аднаўточнага ткацтва і пашытага ў пышную зборку. Адзенне падперазалі поясам, канцы якога ўпрыгожаны кутасамі. На галаве шаўковы каптур, пашыты з крамнай тканіны. Край налобнай часткі і вушак каптура аблямаваны бейкай, вушкі ўпрыгожаны нашыўкай бісеру і шклярусу. Да вузкай часткі прымацаваны стужкі-завязкі. Паверх каптура хустка. Шыя ўпрыгожана чырвонымі пацеркамі. На нагах чорныя скураныя боцікі.

Матэрыял створаны пры ўдзеле аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці».

Tradycyja