Вілейскі строй

Строй бытаваў у канцы XIX – пачатку XX стагоддзя на Панямонні і яе памежжы з Цэнтральнай Беларуссю, у межах цяперашніх Вілейскага, Маладзечанскага, Валожынскага, Мядзельскага раёнаў Мінскай вобласці і часткова Ашмянскага, Смаргонскага і Астравецкага раёнаў Гродзенскай вобласці. Строй сціпла ўпрыгожаны арнаментам, мае стрыманыя колеры, на выгляд строю паўплываў гарадскі касцюм

Святочны строй замужняй жанчыны

Паказаны святочны строй замужняй жанчыны ўключае палатняную кашулю з паліка́мі і каўняром-стойкай. Манжэты рукавоў упрыгожаны вышытым у тэхніцы крыжа арнаментам. На кашулю апранаўся гарсэт цёмных колераў, які таксама мае назву «безрукаўка». Гарсэт выраблены з паўшарсцянога палатна ў тэхніцы двухнітовага аднаўточнага перапляцення, мае прыталены крой, з баскай. Гузікі гарсэта зашпільваюцца на петлі матузка. Спераду белы фартух, пашыты з адной полкі саматканага палатна і ўпрыгожаны ў ніжняй частцы бардзюрам вышыўкі расліннага арнаменту ў тэхніцы крыжа. Строй мае андарак (спадніцу) сіняга колеру, які пашыты з трох полак у пышную зборку на поясе. Палатно андарака выраблена ў тэхніцы трохнітовага аднаўточнага ткацтва з пераборам «пупла́мі» ў буйнарапортную клетку. Падол (ніз) спадніцы абшыты палоскай аксаміту кантраснага колеру. На галаве насілі каптур, пашыты з крамнай тканіны цёмнага колеру. Край налобнай часткі і вушак каптура аблямаваны бейкай, вушкі ўпрыгожаны нашыўкамі тасёмак пазуме́нту, да вузкай часткі вушак прымацаваны стужкі. Паверх каптура шаўковая крамная хустка бураковага колеру. Шыя ўпрыгожана пацеркамі з бісеру. На нагах чорныя скураныя боцікі на шнуроўцы.

Матэрыял створаны пра ўдзеле аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці»,

Tradycyja